КАЛУМБІ́ЙСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн. ў 1754 у Нью-Йорку як Каралеўскі каледж, з 1784 — Калумбійскі каледж. З 1912 мае статус ун-та. Прыватная навуч. ўстанова. Мае 2 аддзяленні: Калумбійскі каледж і Школу тэхн. і прыкладных навук; у іх склад уваходзяць асобныя каледжы і школы. У 1996/97 навуч. г. каля 20 тыс. студэнтаў. У К.у. уваходзяць каледжы: лячэбны і хірург.; бізнесу; агульных дысцыплін; калумбійскі (у праграме вывучэнне старажытнасцей, гісторыі мастацтва, астрафізікі, біяхіміі, класічных моў, камп’ютэрных дысцыплін, эканомікі, філасофіі, псіхалогіі і інш.); школы: тэхнікі і прыкладных навук; планавання і архітэктуры; мастацтва і навукі; міжнар. адносін; журналістыкі; права; медыцыны і інш. Выпускнікі ун-та атрымліваюць дыплом бакалаўра мастацтваў, навук, магістра навук (4 гады навучання), доктара (дадаткова 1—2 гады навучання).

В.М.Навумчык.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)